АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАСЯЛІЎСЯ Ў КАБАЧКУ

rezidenciya_pripyat_1

 

 

Сёньняшні, першы дзень паездкі Аляксандра Лукашэнкі быў ня надта напружаны. У сельгаспрадпрыемства “Запаветы Ільіча” Петрыкаўскага раёну Лукашэнка прыляцеў на верталёце аб 11-й гадзіне. Знаёміўся тут з тым, як праходзяць палявыя работы, абяцаў падтрымку гародніннай галіне і патрабаваў пашырэньня экспарту сельгаспрадукцыі, у тым ліку і ў Расею.

У вёсцы Бабунічы Лукашэнка агледзеў будаўніцтва экспэрымэнтальных дамкоў зьменшанага кошту, пагутарыў зь вяскоўцамі й адляцеў у сваю рэзыдэнцыю на Прыпяці. Якая яна — рэзыдэнцыя, мне распавёў жыхар Петрыкава:

(Петрыкавец: ) “Гэтае месца знаходзіцца каля вёскі Кабачок. Там ёсьць затон, ён таксама называецца Кабачок. Круты бераг, прыгожы бераг. Цудоўны від на рэчку Прыпяць. Колісь там адпачывалі жыхары — і Петрыкава, і Ляскавіч, і прыежджыя. Зрабілі тут драўляны маёнтак на два паверхі. Як нашы петрыкаўцы кажуць: а што яму — жыць у хляве? Ён жа прэзыдэнт! Месца і дом абгароджаныя ў бок Дарашэвічаў кілямэтры тры-чатыры. Дакладна я ня мерыў. Стаіць добры такі плот, двухмэтровы — з дошак”.

Цікаўлюся ў суразмоўцы: ці забруджанае гэта месца радыяцыяй?

(Петрыкавец: ) “Не, гэтае месца не забруджанае. Петрыкаўшчына збольшага — чыстая зона”.

(Карэспандэнт: ) “А вось менавіта Кабачок і Дарашэвічы?”

(Петрыкавец: ) “Не, гэта чыстая зона”.

Патрапіць на тэрыторыю рэзыдэнцыі немагчыма. Дзясяткі гектараў маладога сасьняку ня толькі абнесеныя плотам, але і ўзмоцнена ахоўваюцца.

(Петрыкавец: ) “Там вельмі багата аховы. Ахова Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Усе яны ў форме, пры кукардах, з аўтаматамі. Яны ахоўваюць і экспэрымэнтальную гаспадарку “Ляскавічы”. Але ж прэзыдэнт са сваёю аховаю прыяжджае”.

На тэрыторыі рэзыдэнцыі петрыкаўскія дарожнікі заасфальтавалі сьцежку, каб Лукашэнка мог катацца на ролікавых лыжах ці каньках. Распавядаюць людзі й пра сажалку:

(Петрыкавец: ) “Як кажуць петрыкаўцы і ляскаўцы, там сажалка ёсьць такая. Туды ў мінулым годзе запусьцілі багата самоў. І каб ніхто іх не пакраў, кожнаму саму прывязалі на вяровачцы плястмасавую бутэльку, і самы з гэтымі бутэлькамі плавалі. Але ж палешукі — хітры народ, усё адно скралі аднаго сама. Там, кажуць, цэлая вайна была, кагосьці нават выгналі з аховы”.

(Карэспандэнт: ) “А дзеля чаго самоў запускалі ў ставок?”

(Петрыкавец: ) “Каб паказаць Аляксандру Рыгоравічу, якія ў нас ёсьць рыбіны на Палесьсі, у Прыпяці”.

У палескай рэзыдэнцыі знаходзяць сабе занятак і чыноўнікі з адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

(Петрыкавец: ) “Літаральна ўчора бачыў, як ехалі два “Фальксвагены”, чорныя такія, зь цёмнымі вокнамі. У іх сядзелі людзі ў камуфляжнай форме. Наперадзе ішла “Вольва” зь мігалкамі, і ззаду “Вольва” зь мігалкамі. Казалі, што вельмі багата стрэлаў было за ракою і каля Ляскавічаў. Палявалі! Палююць там круглы год. Там няма забароны на паляваньне”, — распавёў жыхар Петрыкава, які ня пажадаў, каб ягонае імя называлі публічна.

Плянуецца, што заўтра Аляксандар Лукашэнка наведае Ельскі раён і завод друзу ў Глушкавічах, што ў Лельчыцкім раёне.

21 красавік 2004

Казімер Яноўскі, Петрыкаўскі раён

 

У 2003 ГОДЗЕ ЗАМЕЖНЫЯ ПАЛЯЎНІЧЫЯ ПАКІНУЛІ Ў БЕЛАРУСІ 700 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ

0002_big

 

У 2003 годзе на замежным паляўнічым турызьме Беларусь зарабіла паўтара мільярда рублёў (каля 700 тысяч даляраў). Паляваць прыяжджала больш за 600 іншаземцаў. У Расеі яшчэ дзесяць год таму кожны рубель, затрачаны на прыём замежных паляўнічых, прыносіў 40 рублёў прыбытку. Сёньня за “гасьцяваньне” ў бранскіх або валагодзкіх лясах замежнікі выкладаюць у сярэднім 3000 даляраў. Гэта амаль утрая больш, чым пакідаюць яны ў Беларусі. Меркаваньне шэф-рэдактара тыднёвіка “Туризм и отдых” Сяргея Плыткевіча:

(Плыткевіч: ) “У адрозьненьне ад нашых гістарычных, культурных аб’ектаў, прырода ў Беларусі захавалася лепш за ўсё. Захаваліся дзікія жывёліны, якіх у Заходняй і Цэнтральнай Эўропе фактычна ўжо амаль няма. Па-другое, захаваліся людзі, якія ведаюць гэтую прыроду, ведаюць павадкі жывёлін і вельмі добра могуць арганізаваць паляўнічы турызм”.

У Беларусі ёсьць 30 відаў птушак і больш за 20 відаў жывёлін, на якіх можна паляваць. У 2003 годзе было дазволена адстраляць 580 ласёў, 370 аленяў, амаль 5200 дзікоў, 3600 казуляў. Замежнікам нават выдалі некалькі ліцэнзіяў для паляваньня на выбракаваных зуброў. Аляксандар Александровіч амаль 10 гадоў прымае замежных турыстаў і тлумачыць іхную цікавасьць так:

(Александровіч: ) “Разумееце, паляўнічыя едуць сюды не па мяса. Адзін пералёт, да прыкладу з Італіі, патрабуе тысячы эўра. Пытаньне не стаіць у тым, каб настраляць. Ясна, гэта азарт, гэта інстынкт. Гэта як полавы інстынкт для нармальнага мужчыны – ён у нейкі момант уключаецца, і далей незалежна ад стану ў грамадзтве, ад сьвядомасьці ён сам кіруе чалавекам”.

Іншаземных паляўнічых прымаюць тры беларускія структуры – Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, “Белдзяржпаляваньне” і Беларускае таварыства рыбаловаў і паляўнічых.

Для грамадзкага аб’яднаньня – таварыства паляўнічых – гэта ледзь не адзіная крыніца выжываньня. Расказвае егер з Івацэвіцкага раёну Аляксандар Купрэйчык.

(Купрэйчык: ) “За мінулы год у нас былі праведзеныя 7 тураў з замежнымі паляўнічымі: 5 – з расейскімі, адзін з італьянскімі, адзін – з палякамі. З гэтых тураў гаспадарка зарабіла больш за 6 мільёнаў рублёў, і гэта не на страту мясцовым паляўнічым”.

Самыя “апэтытныя” й прыбытковыя кавалкі – Бярэзінскі й Прыпяцкі запаведнікі, Белавескую пушчу, Браслаўскія азёры, Нарачанскі парк, шмат лясгасаў – забрала пад свой дах Кіраўніцтва справамі адміністрацыі прэзыдэнта.

Большую частку замежнікаў-паляўнічых – 364 чалавекі – абслугоўвала менавіта яно. І зарабіла на іх больш за ўсіх – 1 мільярд 16 мільёнаў рублёў. Натуральна, асабліва вабіць паляўнічых Белавеская пушча, значная частка якой застаецца запаведнай зонай. Эколягі, “зялёныя”, натуральна, абураюцца. Меркаваньне Валера Дранчука:

(Дранчук: ) “Гэта прынцыповая рэч: на такіх тэрыторыях, як запаведнік, не павінна быць паляваньня. Ёсьць адстрэл, які санкцыянуецца навукай. Але тое, што адбываецца ў Белавескай пушчы, у Нацыянальным парку “Прыпяцкі”, гэта вялікая камэрцыя, там гэта грошы…. Нацыянальны парк – гэта зона прыродалюбная, і там паляваньня не павінна быць”.

Кіраўніцтва справамі адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Камінскі гэтыя факты адмаўляе.

(Камінскі: ) “У самой пушчы не палююць. У запаведнай частцы наагул няма ніякай дзейнасьці чалавека. Ні паляваньня, ні высяканьня, нават санітарнага, нічога няма. Адно, што ёсьць на тэрыторыі, – гэта рэгуляваньне колькасьці жывёлін, таму што ў пушчы колькасьць дзікоў значна перавышае аптымальную”.

Якім чынам адбываецца гэтае рэгуляваньне, спадар Камінскі не патлумачыў. Хутчэй за ўсё, толькі адстрэлам. Эколягі выказваюць трывогу, што дзеля трафэяў выбіваюцца менавіта элітныя жывёліны – найбольш моцныя й прыгожыя.

Апавядае паляўнічы зь Нямеччыны Курт:

(Курт: ) “Вядома, дамоў хочацца прывезьці добрыя трафэі. І дзеля іх некаторыя мае сябры гатовыя на ўсё, што, як кажуць, дазваляецца гаспадарамі. Часьцей яны ведаюць, што пры гэтым парушаецца закон, бо даводзіцца плаціць больш… Але… Карацей, пытаньні ёсьць. Але ў асноўным не да нас, а да гаспадароў паляваньня. Гэта ваш лес, вашыя дзікі, тут жыць вашым дзецям, унукам”.

У залежнасьці ад вагі, сымэтрыі й наагул прыгажосьці рагоў адстрэл эўрапейскага аленя каштуе замежніку ад 500 да 3000 эўра, лася – ад 550 да 800, дзіка – ад 300 да 700, воўк абыдзецца ў 500 эўра.

Адстрэл глушца й цецярука каштуе 400 эўра. Ну а зубра – да 7 тысяч эўра. Дзеля такіх грошай шмат хто зь беларускіх егераў ідзе на ўсё. Гаворыць Валер Дранчук.

(Дранчук: ) “Тут яшчэ пануе такая ўсёдазволенасьць, лёгка падкупіць егера. Калі тыя ж немцы прыяжджаюць да нас і так сябе паводзяць альбо маюць магчымасьць так сябе паводзіць, яны з нас сьмяюцца, яны ня могуць нас паважаць за гэта”.

Праўда, ня ўсе замежнікі ідуць на дамову з сумленьнем. Часьцяком апавядаюць, як – наадварот – іншаземец шкадуе прыгожага магутнага зьвера ў жывой прыродзе. Так, у адрозьненьне ад беларусаў, якія любяць паляваць на птушку ўвесну, у шлюбны пэрыяд, італьянцы й французы едуць на слонку ці глушца толькі ўвосень. А цяпер палююць на качара. Гаворыць Жуль – паляўнічы з Францыі:

(Жуль: ) “У вас у Беларусі захаваліся сапраўдныя лясы, дзе вядзецца вельмі шмат дзічыны. У Заходняй Эўропе, сапсаванай цывілізацыяй, гэтага ўжо няма. Таму кожны год прылятаю на Палесьсе паляваць на птушак”.

Іншаземны паляўнічы траціцца ў Беларусі толькі на трафэі – “рагі й капыты”: пакідае тут у сярэднім з тысячу даляраў. А ў суседніх Польшчы й Літве плаціць дадаткова яшчэ да тысячы даляраў за размаітыя турыстычныя паслугі. Між тым Беларусь можа быць для замежных паляўнічых больш прывабнай, чым краіны-суседкі. Бо там значная частка лясоў – у прыватных гаспадароў. І ня кожны пушчае да сябе паляўнічых, нават за вялікія грошы. Затое, скажам, шматлікія польскія паляўнічыя інтэрнэт-сайты даюць вялізны аб’ём інфармацыі пра магчымасьці краіны, турыстычныя паслугі, запрашаюць і заахвочваюць… На двух жа беларускіх вэбсайтах адно толькі трафэйныя расцэнкі.

Іна Студзінская, Менск

16 красавіка 2004 г

https://www.svaboda.org