План-схема фестывалю, якую тут раздавалі ўсім гасцям, каб было зручней арыентавацца, выглядае як карта невялічкага райцэнтра. З аднаго боку – Музей прыроды, з другога – галоўная сцэна, там – кафэ на пароме, тут – алея драўляных скульптур… А ўздоўж ракі, быццам сапраўдная палеская слабада, на некалькі кіламетраў цягнуцца маляўнічыя падворкі: хаты з бярвенняў, дахі з чароту, бялюткія ручнікі, рабінава-чырвоныя посцілкі… Але больш за ўсё цікавыя “жыхары” гэтай слабады. Абутыя ў лапці ці ў боты, апранутыя ў кашулі-вышыванкі ды ў квяцістыя фартухі, яны быццам сышлі са старонак кнігі. Палешукі плятуць кошыкі, прадуць кудзелю, рамантуюць невады, ткуць на кроснах, спяваюць весела і смяюцца весела, быццам пражылі тут усё жыццё, а не ўзвялі гэтыя падворкі толькі два дні таму. Лунае над Ляскавічамі душа Палесся, трапяткая і неабсяжная, і вымушае гасцей сцішыць крок і разам з артыстамі і майстрамі зацягнуць песню, вылепіць збаночак, а то і пусціца ў скокі. Гэтая з’яднанасць, а яшчэ душэўнасць, сакавітасць палескага каларыту і пачуццё бясконцага свята – вось што такое «Покліч Палесся».
Фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» прайшоў другі раз: першы ў Ляскавічах ладзіўся два гады таму. За гэты час фестываль стаў удвая буйнейшым: калі на першы «Покліч» завітала больш за 5 тысяч чалавек, то на сёлетні – ужо каля 10 тысяч. Старт фестывалю даў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які адзначыў, што ў Беларусі праводзіцца многа масштабных форумаў, але менавіта гэтаму фэсту ўласцівая незвычайная душэўнасць, якая цягнецца каранямі ў мінулае. Прэзідэнт прапанаваў надаць фестывалю статус міжнароднага, пачынаючы з трэцяга «Покліча».
На сёлетні фестываль з’ехалася каля тысячы самадзейных і прафесійных артыстаў, сярод якіх Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай песні «Свята», знакамітыя «Беларускія песняры», цыганскае шоў «Алюр», арт-група «Беларусы». Павіншаваць з адкрыццём масштабнага фэсту прыехалі нашы блізкія суседзі – калектывы з Чарнігаўскай і Бранскай абласцей. Але, безумоўна, галоўнымі героямі свята сталі сапраўдныя палешукі – спевакі і танцоры, майстры і рамеснікі з васьмі раёнаў Гомельскай і трох раёнаў Брэсцкай абласцей. У святочных канцэртах прынялі ўдзел і нашыя артысты – вакальны калектыў «Забава» і харэаграфічны калектыў «Весялуха» з Аснежыц.
Сёлета кожны раён прадставіў на сваім падворку «Палескай слабады» адзін від рамёстваў. Петрыкаў раскрываў таямніцы палявання, Калінкавічы здзіўлялі нацыянальнымі строямі, Ельск вучыў бондарству, Хойнікі – саломапляценню, Лельчыцы – бортніцтву, Нароўля – вышыўцы… Піншчына на «Поклічы Палесся» паказала майстар-клас па аднаму са старажытнейшых відаў народнай творчасці – ткацтве.
Падворак Пінскага раёна відаць здалёк. Абнесеная тынам, упрыгожаная глінянымі збанкамі, жаўтабокімі гарбузамі, чыгункамі, вышыванкамі ды ручнікамі, жыве тут вясёлая «Вёска ткачых на Піншчыне». А колькі тут цікавага, чаго даўно не ўбачыш, пэўна, нідзе акрамя краязнаўчых музеяў! Велічэзныя ткацкія станкі, у якіх столькі розных калёсікаў і незразумелых педалей, што разабрацца з імі можа толькі сапраўдная майстрыха. А яны, майстрыхі, побач – паказваюць гасцям, як правільна абходзіцца з чаўнаком, каб мноства нітак, нацягнутых як струны, перапляліся ў бялюткае палатно ручніка. Майстар-класы паказваюць ткачыхі Галіна Счасная, сямейны дуэт майстрых – Любоў Алешка з дачкой Аксанай, Дзіна Палікоўская, Таісія Пашкевіч, Ірына Каржаневіч.
Пад адкрытым небам у «Вёсцы ткачых» сядзяць каларытныя бабулькі-майстрыхі са сваімі ма-ладымі калегамі. Зацягнуўшы чарговую вясёлую палескую песню, яны вельмі ж спрытна займаюцца кожная сваёй справай: адны лён мнуць, другія лён чэшуць, з яго кудзелю прадуць… Гэта калектыў «Дабраславачка» паказвае абрад часання льну. Да яго далучыўся нават губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар: аглядаючы падворкі, ён прыняў прапанову нашых майстрых паспрабаваць вычасаць лён уласнаручна.
Каб на падворку Піншчыны не змаўкалі песні, чароўную палескую мелодыю раз-пораз зацягвае народна-фальклорны калектыў «Чабатухі». Вядучаю тэатралізаванай праграмы «Вёскі ткачых» стала Жана Мухароўская, дырэктар Каменскага СДК.
Адразу за «Вёскай» месцяцца гандлёвыя палаткі Пінскага райспажыўтаварыства, ад якіх далёка цягнецца водар розных прысмакаў. На ражоне запякаецца цэлы кабанчык, падсмажаныя бокі якога не даюць спакою пакупнікам. Больш за ўсё гасцей спыняецца каля караваю вышэй за чалавечы рост. Ён складзены з мноства здобных боханаў ды пірагоў – кожны хоча сфатаграфавацца побач.
Шмат цікавага было і на іншых падворках. Суседні Столінскі раён прапануе ўсім жадаючым вылепіць сваімі рукамі гліняны збаночак. Не атрымліваецца? Не бяда, майстар дапаможа. Самабытная Ельшчына здзіўляе новенькімі бочкамі ды драўлянымі скльптурамі, якія тутэйшы рамеснік робіць з галін і каранёў незвычайнай формы – блукаючы па лесе і бачачы, што нейкая галінка падобна, напрыклад, да раненага тыгра, ён забірае яе дадому і даводзіць будучую скульптуру да «гатоўнасці».
Нацыянальны парк «Прыпяцкі» прывёз з сабою сапраўдных каня з кароўкай, высока падвесіў старажытныя калоды-пчалярні. Петрыкаўскі падворак упрыгожаны чучаламі ваўкоў, дзікоў, куніц, коршунаў, няясыцей, перапёлак, соваў, дзікіх качак і іншых птушак і жывёлаў. У кагосьці на падворку плаваюць жывыя самы ды лятаюць сапраўдныя качкі, у кагосьці кукарэкаюць каляровыя пеўнікі з падфарбаванымі для большага хараства крыламі, чыйсьці падворак упрыгожаны старажытнымі палескімі чоўнамі… Кожны раён імкнецца прадставіць на суд гледачоў і журы ўласнае Палессе, тое, якога больш нідзе акрамя гэтага куточка Палесся не сустрэнеш. Навокал бойка ідзе гандаль. Уздоўж ракі цягнуцца ручайкі людзей, якія нясуць у руках плеценыя кошыкі, лапці ці саламяныя кветкі, ручнікі, посцілкі ці капялюшы, скрыначкі, збаночкі, а то і самаробную драўляную мэблю…
Наогул, чалавеку, завітаўшаму на «Покліч Палесся», цяжка размеркаваць свой час так, каб паглядзець на ўсе тутэйшыя дзівосы. На галоўнай сцэне ідуць канцэрты аматарскіх і прафесійных калектываў, побач месціцца пленэр скульптараў «Драўляны цуд», хочацца паўдзельнічаць у спаборніцтве рыбакоў, пабываць на выставе карцін і калекцый адзення, паглядзець на адкрыты толькі што Музей прыроды, пакатацца на запрэжаных гнядымі конямі вазках, што ездзяць па «Палескай слабадзе», здзейсніць невялічкую вандроўку на цеплаходзе «Кірыла Тураўскі» і паспець зрабіць шмат чаго яшчэ…
Не абмінулі ўвагай і маленькіх палешукоў, завітаўшых на фэст. Для іх арганізавалі цэлы дзіцячы гарадок з гульнямі, забаўкамі, спартыўнымі спаборніцтвамі. Сваю праграму паказала там і Таццяна Гетман з Малоткавіцкага ЦСДК.
Вечарам усіх прысутных чакаў феерверк, які расквеціў неба над Ляскавічамі і стаў бліскучым фінальным акордам свята.
Артысты Пінскага раёна ад’язджалі з Ляскавічаў не з пустымі рукамі. Падворак «Вёска ткачых на Піншчыне» быў высока ацэнены журы фестывалю, за што Піншчыну ўзнагародзілі Дыпломам другой ступені з фармулёўкай «За лепшае афармленне тэматычнага падворка» і каштоўным падарункам – тэлевізарам. Такім чынам, дастойную ацэнку атрымалі старанні нашай дэлегацыі, у ліку якой былі 45 артыстаў і гаспадарчая група, усяго 65 чалавек. Дыплом першай ступені дастаўся Мазырскаму раёну, а Гран-пры адправілася ў Петрыкаўскі раён.
Другі фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся», задуманы з мэтай захавання і папулярызацыі традыцый і рамёстваў Прыпяцкага Палесся, не здарма называюць яшчэ і «Поклічам продкаў». Культурныя традыцыі Палесся – здабытак нацыянальнай культуры Беларусі. І кожная старонка фестывалю, кожны падворак і кожны калектыў працягвае духоўны масток паміж скарбонкай даўніны, якую нашы продкі даверху напоўнілі лепшым, што было ў нацыянальнай культуры палешукоў, і сучаснасцю.
Вікторыя Ігнатчык. Фота аўтара
http://www.pinsknews.by/?p=15583