Напярэдадні Сусветнага Дня водна-балотных угоддзяў, які адзначаўся ў пачатку лютага, Нацыянальны парк “Прыпяцкі” быў уключаны ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння.
Разам з “Прыпяцкім” у спіс угоддзяў, якія ахоўваюцца згодна з Рамсарскай канвенцыяй, увайшлі заказнікі “Выдрыца” і “Казьянскі”. Сярод раней атрымаўшых міжнародны статус абароны беларускіх асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый заказнікі “Сярэдняя Прыпяць”, “Асвейскі”, Бярэзінскі біясферны запаведнік і іншыя. Усяго ж у спісе – 16 асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Беларусі.
Нагадаю, што першым у Беларусі Рамсарскі статус атрымаў заказнік “Спораўскі”. Гэта адбылося ў 1999 годзе.
Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне, першым чынам, у якасці месцапражыванняў вадаплаўных птушак, была прынята 2 лютага 1971 года ў іранскім горадзе Рамсары. Яна ўяўляе сабой глабальную міжнародную дамову, прысвечаную аднаму тыпу экасістэм або хабітатаў (прыродных асяроддзяў пражывання якога-небудзь біялагічнага віду). Удзельнікамі Канвенцыі з’яўляюцца 168 дзяржаў, на тэрыторыі якіх знаходзіцца 2170 водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння агульнай плошчай 185 мільёнаў гектараў.
Спецыялісты кажуць, што пра стратэгічную каштоўнасць балот забываць нельга: яны выступаюць рэзервуарамі прэснай вады. Напрыклад, у нашай краіне захаваныя балотныя масівы акумуліруюць каля 24 мільярдаў тон вады, у той час калі ў азёрах рэспублікі яе назбіраецца не больш 7 мільярдаў. З улікам таго, што, паводле ацэнак, да 2025 года 1,8 мільярда чалавек будзе жыць у рэгіёнах з недахопам вады, роля балот толькі ўзрастае.
Па звестках Мінпрыроды, агульная плошча парушаных балот у Беларусі складае каля 520 тысяч гектараў. Для памяншэння выкідаў парніковых газаў і захавання біялагічнай разнастайнасці ў верасні 2008 года стартаваў праект па аднаўленні тарфянікаў. Узнаўляецца звыш 14 тысяч гектараў дэградаваных тарфяных балот.
У. ЕСІПАЎ.