Беларускіх аматараў пайсьці на рыбу чакае непрыемны сюрпрыз: у гэтым сэзоне істотна вырасьлі кошты на яе лоўлю ў запаведных зонах.
Нацыянальны парк «Прыпяцкі»
На Прыпяці пуцёўкі прадаюцца толькі на суткі. Ніякіх зьніжак — нават калі рыбак прыехаў у адпачынак на тыдзень ці месяц. І ніякіх ільготаў дачнікам, якія ня маюць рэгістрацыі ў тых мясьцінах.
Мянчук Зьміцер купіў хату ў вёсцы на Прыпяці. Вёска знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Часта прыяжджае зь сям’ёй на выходныя зімой і вясной, а на лета сям’я перасяляецца туды жыць:
Звычайная лоўля на паплавок, на сьпінінг каштуе 250 тысяч у суткі. Калі ловіш з маторнай лодкі — 700 тысяч у суткі
«Шмат людзей са сталіцы, з Гомеля, зь іншых гарадоў купілі хаты пад лецішчы ў вёсках Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёну, хоць гэта даволі далёка, — распавядае ён. — Купілі дзеля прыгожай прыроды, каб прыяжджаць на лета, адпачываць, хадзіць на рыбу. Пакупка дамоў — гэта, па сутнасьці, пад’ём вёскі, адкуль мясцовая моладзь зьяжджае. Мы прывялі ў парадак закінутыя хаткі, уклалі нямала сродкаў у рамонт.
Шмат гадоў уладальнікі лецішчаў, як і мясцовыя жыхары, маглі купляць так званыя сэзонныя пуцёўкі на доўгі тэрмін. На рыбную лоўлю ды паляваньне — на паўгода па льготных тарыфах. А цяпер усе непрапісаныя ў гэтых месцах могуць купляць толькі разавыя пуцёўкі на суткі. Проста частку ракі абгарадзілі, і прадаюць пуцёўкі па шалёных коштах.
Звычайная лоўля на паплавок, на сьпінінг каштуе 250 тысяч у суткі. Калі ловіш з маторнай лодкі — 700 тысяч у суткі. Цяпер ім пуцёвак на паўгода не прадаюць, як мясцовым жыхарам, а купляць кожны дзень па такіх коштах пуцёўкі — нявыгадна. Ніхто гэта рабіць ня будзе».
Рыбалка на Прыпяці. Фота: Пятро Аўдзееў
У Нацыянальным парку «Прыпяцкі» Свабодзе пацьвердзілі, што сапраўды на ўладальнікаў лецішчаў ільготы цяпер не распаўсюджваюцца:
Калі вы будзеце зь берагу лавіць вудай альбо сьпінінгам, гэта каштуе 200 тысяч у суткі. Калі гэта тролінг, з лодкі, — 400 тысяч у суткі
«Кошт пуцёўкі немалы. Гэтым абмяжоўваецца і колькасьць рыбакоў, каб колькасьць рыбы павялічвалася. Для мясцовых ёсьць ільготы, але толькі для тых, хто зарэгістраваны ў пэўных населеных пунктах. Для іх сэзонная пуцёўка каштуе 300 тысяч. Для дачнікаў, для тых, хто проста набыў хаты ў вёсках, але не зарэгістраваны там, ільгот няма.
Для турыстаў, для тых, хто адпачывае, пуцёўкі прадаюцца толькі на суткі, і ад колькасьці сутак ніякіх ільгот няма. Калі вы будзеце зь берагу лавіць вудай альбо сьпінінгам, гэта каштуе 200 тысяч у суткі. Калі гэта тролінг, з лодкі, — 400 тысяч у суткі».
Цэны на рыбалку ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі»
Чытаць далей: https://www.svaboda.org