Сцяпан Бамбіза названы «Чалавекам года»

658f1c6cb913b8106a2808d1a0c4a8ff

Такі высокі статус (а таксама грашовую прэмію) яму надалі гомельскія ідэолагі.

Ужо адзінаццаць гадоў Сцяпан Бамбіза ўзначальвае “Нацыянальны Прыпяцкі парк”. Вядома, што за гэты час адбылася вялікая рэканструкцыя і наладжванне інфраструктуры: пабудаваныя гатэлі, рэстарацыі, зоны для адпачынку. Аднак кіраванне Бамбізы выклікае насцярожанасць у эколагаў. “Зялёныя” часта крытыкуюць яго за тое, што зашмат у нацыянальным парку паляўнічых, адбываецца незаконная вырубка лесу.

“Прыпяцкі парк сёння ёсць бізнес-праектам спадара Бамбізы і ягонай сям’і. Сапраўды, прыязджае вельмі шмат турыстаў – але збольшага гэта забяспечаныя паляўнічыя з Еўропы, бо на іхнай радзіме такі масавы адстрэл жывёлінаў забаронены, – кажа эколаг Вольга Астаповіч. – Незалежныя эксперты фактычна не маюць доступу да парку, каб адсочваць ягоныя справы. Пра вырубку лесу мы ведаем ад працаўнікоў парку, якія на ўмовах канфідэнцыйнасці распавядаюць нам пра гэтыя незаконныя дзеянні”.

Сам Сцяпан Бамбіза згортваць бізнесу не думае. У адным з інтэрв’ю ён адзначае: “У нас паляўнічы тур на пяць дзён каштуе 1750 еўраў. Паўсюль крызіс, а я кошты падняў на 400 еўраў. Некаторыя паляўнічыя групы прыязджаюць ужо сёмы год запар. Іх задавальняюць нашыя ўмовы і кошты, таму мы будзем працягваць гэтак дзейнічаць і надалей”.

Вядома таксама, што адміністратыўны цэнтр Прыпяцкага парку перанеслі з Турава ў вёску Ляскавічы (адлегласць – 50 км) таксама з ініцыятывы Бамбізы. У сувязі з гэтым больш за палову працаўнікоў навуковага аддзелу звольніліся. На думку некаторых з іх, адміністратыўны аддзел перанесены ў Ляскавічы, каб зручней было дырэктару парку, бо ў вёсцы ён пабудаваў сабе новы дом. Жыхары Турава распавядаюць таксама, што пераезд адбыўся пасля таго, як яны не падтрымалі ягонай кандыдатуры на мясцовых выбарах.

Імя Сцяпана Бамбізы, апроч таго, згадваецца ў крымінальны скандале. Менскія міліцыянты спрабавалі раскрыць справу з сутэнёрамі ў Прыпяцкім парку, аднак за старшыню парку заступіліся чыноўнікі высокага рангу. Паводле шэф-рэдактаркі “Народнай волі” Святланы Калінкінай, за кіраўніцтва парку тады прыехаў заступацца асабіста прэзідэнт: “Міліцыянтаў выклікалі на размову і далі зразумець, што не на тых “наехалі”. У той час стрыечны брат Бамбізы Іван быў віцэ-прэм’ерам, а родны Мікалай узначальваў нацыянальны парк “Белавежская пушча”.

belsat.eu

Падзяліцца навіной ў сацыяльных сетках:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Калектыў «Белавескай пушчы» чакае новага кіраўніка

D8394EA8-04A1-4712-855D-5B66C9222C9C_w1023_r1_s

17 студзеня Беларускія СМІ паведамілі пра тое, што генэральнага дырэктара Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» Мікалая Бамбізу могуць адправіць у адстаўку. Афіцыйна гэта інфармацыя не пацьвярджаецца, але і не абвяргаецца.

Прадстаўніца Нацыянальнага парку, якая не пажадала афішаваць сваё імя, адмовілася пацьвердзіць пра звальненьне дырэктара:

«Вось калі будзе загад пра звальненьне дырэктара, тады і можна будзе казаць пра гэта як падзею. Але пакуль дырэктарам зьяўляецца Мікалай Бамбіза. Звычайна я не давяраю плёткам і чуткам. Калі ж я маю дакумэнт, тады і магу казаць і камэнтаваць. Цяпер камэнтаваць без дакумэнта нельга».

Эколяг, кандыдат біялягічных навук Георгій Казулька, які жыве ў Камянцы, блізу Белавескай пушчы, кажа, што цяпер Мікалая Бамбізу пераводзяць на іншае месца працы:

«Паводле маёй інфармацыі, пытаньне пра звальненьне Мікалая Бамбізы ўжо вырашанае і цяпер вядзецца яго перавод недзе на іншую пасаду ў прыпяцкі рэгіён».

Менскі эколяг Валер Дранчук кажа, што размова пра зьмену кіраўніка «Белавескай пушчы» вядзецца ужо даволі даўно:

Цяпер новыя патрабаваньні часу. Пры правядзеньні прац у парку неабходна адкрытасьць для міжнародных структур.

«Цяпер новыя патрабаваньні часу. Пры правядзеньні прац у парку неабходна адкрытасьць для міжнародных структур. І таму размовы сапраўды маюць аснову. Калектыў зараз жыве ў чаканьні новага дырэктара».

Паводле Георгія Казулькі вынікі працы Мікалая Бамбізы маюць два бакі. З аднаго боку разьвіцьцё атрымала сфэра турызму. Але зь іншага за часам Бамбізы ў Пушчы пачалося высяканьне лесу. Таксама ў нацыянальным парку дазволілі паляваньне:

«Дырэктар Нацыянальнага парку „Белавеская пушча“ разумеў, што парк — гэта нешта кшталту гарадзкога парку. Нешта зьмяшанае з гарадзкім паркам і дзікай прыродай. Таму ён і праводзіў такую палітыку».

Эколяг адзначае, што ў Пушчы дзейнічала з сваімі інтарэсамі цэлая групоўка:

«Яны перасьледавалі толькі свае інтарэсы. Шмат што ламалася фактычна праз калена. Экалягічны мэнэджмэнт быў жахлівы. Шмат вялося расьледаваньняў эканамічнага кшталту. Асабліва абуральная справа з дыплёмам Рады Эўропы».

Падчас дырэктарства Мікалая Бамбізы Нацыянальны парк «Белавеская пушча» ў 2008 годзе страціла дыплём Рады Эўропы. «Белавеская пушча» атрымала яго ў 1997 годзе за папярэднія посьпехі ў справе захаваньня некранутай прыроды Белавескага рэліктавага лесу.

https://www.svaboda.org

Падзяліцца навіной ў сацыяльных сетках:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники