ПЕРАПРАВА: БЕРАГ ЗЛЕВА, БЕРАГ СПРАВА

Изображение-0511

Калі ёсць жаданне здзівіць гасцей мясцовым каларытам, везці іх трэба не па аграсядзібах і турысцкіх комплексах, якімі па заслугах славіцца наш раён, а на паромную пераправу. Здаецца, на пачатку новага тысячагоддзя, такія архаізмы павінны былі б знікнуць. Але калі паглядзець з іншага боку, то дапусціць гэтага ніяк нельга. Нават у соты раз пераплываючы раку на драўляным памосце, адчуваеш, як дыханне захоплівае, душа разгортваецца з-за прастору нашай ракі, няспыннага бегу хваляў і адвечнасці гэтага краявіду.

Сёлета давялося трымаць шлях праз паром разам з гасцямі з Санкт-Пецярбурга. Для выказвання ўражанняў ім слоў не хапала. Але тое, што асабліва іх здзівіла – праезд бясплатны. Вось гэта і сапраўды неверагодна ў наш час. Вось такія мы – палешукі на Прыпяці!
Напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка па заданні рэдакцыі давялося ўжо наведаць паромную пераправу на Снядзін. У гэты дзень тут працавала брыгада ў складзе матарыста Дзмітрыя Рубчэўскага і матроса Уладзіміра Даноўскага (на здымку). І штодзень нясе службу вялізны і грозны сабака Дзік, што, як зазначылі мужчыны, не любіць п’яных і гучных.
Дзмітрый Іванавіч жыве тут жа, у Снядзіне. Таму і справа паромшчыка для яго не новая, асабліва калі ўлічыць той факт, што на пераправе працаваў яго дзед. Уладзімір Іванавіч жыве ў Макарычах і кожную змену дабіраецца да месца самастойна.

Изображение-066

Пра працу паромнай пераправы падрабязна расказаў Сяргей Казловіч, капітан-механік (на здымку). Ужо дваццаць сем гадоў ён займае гэту пасаду. У яго ведамстве знаходзяцца абедзве пераправы – на снядзінскай чатыры змены па два чалавекі і на петрыкаўскай столькі ж змен, але па тры чалавекі.

Арганізацыяй функцыянавання і рамонту перапраў, дакументацыяй, падборам кадраў займаецца непасрэдна ён. Адзначае, што на снядзінскай пераправе асаблівага напружання амаль няма. За выключэннем уборачнай, сезона рыбалкі ці збору грыбоў. Тады бываюць перыяды, калі паром курсуе па русле амаль без перапынкаў. Звычайны графік дапаўняецца дадатковымі рэйсамі для экстранных службаў.

– На першы погляд можа здацца, што праца тут не складаная, – знаёміць са спецыфікай Сяргей Валянцінавіч. – Але навучыцца справе за дзень-два немагчыма. Тут патрэбна акуратнасць, дакладнасць, зладжанасць і, зразумела, цярпенне, уважлівасць да людзей. Не ўсе вытрымліваюць рэжым і ўмовы працы. Змена працуе па 12 гадзін з 7.30. Добра, калі надвор’е спрыяльнае, а калі непагадзь, то гэтыя гадзіны цягнуцца бясконца.

Сёлета нізкі ўзровень вады ў рацэ дадаў некаторых складанасцяў, але спыняць пераправу мы не маем права. Для няхай і нешматлікіх жыхароў зарэчнай зоны мы – адзіны сродак сувязі з раёнам. Сельгаспрадпрыемствы УП “Палессе-Аграінвест” і РСУП “Агра-Ляскавічы” сёлета на зарэчных землях мелі выдатны ўраджай. Гэтыя акалічнасці добра разумее і наша кіраўніцтва, а менавіта выконваючы абавязкі дырэктара ДРБУ-112 Іван Века. Ён заўсёды ідзе насустрач нашым прапановам, уважліва адносіцца да працаўнікоў, умоў іх працы.

Сезон працы пераправы спыняецца, як толькі стане рака. Тады пачынаецца ў калег працоўны адпачынак. Але пераправы, Снядзінская і Петрыкаўская, не застаюцца без нагляду. Тут працуе вартавая служба. Выстаўляюць папераджальныя знакі, абмяжоўваюць рух праз раку для аматараў экстрыму.

Заўважыла, што не так многа песень і вершаваных твораў прысвечаны паромным пераправам. Але тыя, што ёсць – на слыху і адразу ўсплываюць у памяці. І якім бы імклівым ні быў прагрэс, на Палессі захоўваецца магчымасць з каларытам і задавальненнем пераправіцца на іншы бераг ракі.

Алена Бруцкая

Фота аўтара

Крыніца публікацыі

Падзяліцца навіной ў сацыяльных сетках:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Leave a Reply