СЕРТЫФІКАЦЫЯ FSC: ЯК КОЖНЫ МОЖА ПАКЛАПАЦІЦЦА ПРА ЛЕС

5df795122a5d42397bc422fc@2x

 

Абараняць лясы могуць не толькі эколагі, але і кожны з нас. Для гэтага можна, набываючы любыя рэчы з драўніны, нават той жа нататнік, упэўніцца, што там намаляваны значок FSC (Forest Stewardship Council — Ляснога апякунскага савета). Гэта будзе азначаць, што вырубка лесу праводзілася ў месцы, дзе няма чырвонакніжнікаў, па ўсіх правілах. 

Чытаць усё: https://bahna.land

  • Аўтар: Надзея Анісовіч
  •  16.12.2019

Як паўдзельнічаць у аўдыце?

Кожны грамадзянін можа прыцягваць увагу аўдытараў да праблем у сваім лясгасе. Калі вы заўважылі, што нешта ідзе не так, напішыце зварот у свой лясгас і патрабуйце патлумачыць сітуацыю. Напрыклад, тут высечаны кавалак лесу, і я хачу ўпэўніцца, што высечка праведзеная па ўсіх правілах. Накіраваць ліст можна поштай або праз емэйл. Лясгас павінен адказаць на працягу 30 дзён. Калі гэта не адбываецца і гэта ўжо не першы ваш зварот, вы можаце зайсці на сайт FSC, знайсці там свой лясгас і кантакты аўдытара, які яго правярае. Напішыце яму, што ў вас не атрымліваецца наладзіць кантакт, і падчас наступнай праверкі аўдытар зверне ўвагу на працу з мясцовым насельніцтвам, праверыць часопіс зваротаў. Для перапынку сертыфіката дастаткова атрымаць чатыры неадпаведнасці — парушыць чатыры індыкатара. Гэта дае магчымасць перапыніць сертыфікат ад трох да шасці месяцаў, пакуль усе недахопы не будуць выпраўлены.

На сайце FSC таксама можна пачытаць справаздачу аўдытара за кожны год. Тут ёсць уся інфармацыя пра лясгасы і неадпаведнасці. Таксама кожны чалавек можа самастойна ўдзельнічаць у праверцы, як незалежны назіральнік. Для гэтага трэба таксама звязацца з аўдытарам або лясгасам прыкладна за месяц да чарговай праверкі, напісаць матывацыйны ліст. Назіральнікі будуць хадзіць з аўдытарамі, бачыць усё, што яны правяраюць, могуць упэўніцца, што ні на што не былі закрыты вочы. Назіральнік можа задаваць пытанні, каменціраваць.

Сертыфікат выдаюць на пяць гадоў са штогадовым пацвярджэннем. Праз пяць год ідзе рэсертыфікацыйная праверка. Да таго ж магчыма правезці пазапланавы аўдыт, калі ёсць скаргі. Нядаўна, напрыклад, па-за планам правяралі Маларыцкі лясгас. Адзін аўдытар не можа назіраць за аднім і тым жа лясгасам больш за тры гады. Плюс аўдытараў таксама правяраюць.

Інэса Балоціна, біёлаг, менеджэр прыродаахоўных праектаў «Багны»:— Мы займаемся сваёй фокуснай групай — і ўдзельнічаем як назіральнікі ў аўдытах лясгасаў, дзе ёсць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі, дзе гаспадарчая дзейнасць пагражае ААПТ. Мы выкарыстоўваем механізм сертыфікацыі як адну з магчымасцей захаваць гэтыя тэрыторыі. «Багна» пачала ўдзельнічаць у праверках з 2014 году, калі стала вядома, што нашы нацыянальныя паркі атрымалі ўказанне прайсці лясную сертыфікацыю. Але гэта такая беларуская спецыфіка, бо нацпаркі, як прыродаахоўныя ўстановы, па логіцы не павінны займацца прамысловым гандлем драўнінай, для чаго і патрэбны гэты сертыфікат. Але ў нас нацпаркі маюць складаную структуру і вядуць даволі шырокую гаспадарчую дзейнасць. 

Пачалі мы з нацпарка «Прыпяцкі». Гэта была мая фокусная тэрыторыя, бо я жыву побач. Калі мясцовыя жыхары не ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, то мэты з цяжкасцю дасягаюцца. Аўдытар прыязджае раз на год на 3-4 дні. Вядома ж, ён не можа ўсё дакладна паглядзець, выявіць нейкія парушэнні. Вельмі важна, каб гэтым механізмам карысталася грамадскасць і сачыла за сітуацыяй, вяла дыялог з лясгасам у рамках абароны сваіх правоў на карыстанне лесам, на здаровае наваколле і на ўдзел у прыняцці экалагічна важных рашэнняў. А ў нас атрымалася так, што сертыфікацыя ідзе ўжо шмат гадоў, а грамадскасць не часта ўдзельнічае ў гэтым працэсе.

У адносінах да «Прыпяцкага» ў нас была заўвага наконт узаемадзеяння з насельніцтвам. То-бок гэта тэрыторыя адмаўлялася весці нейкі дыялог, і дзякуючы механізму FSC нацпарк вымушаны быў змяніць сваю палітыку і адкрыцца, у тым ліку атрымалася запэўніць кіраўніцтва, што ўдзел грамадскасці — гэта нармальна. І мы там рабілі некаторыя сумесныя мерапрыемствы.

Вельмі шмат заўваг, у прыватнасці да ААПТ, датычацца захавання біяразнастайнасці: ці выяўлены ў лясгасе рэдкія віды, ці захоўваюцца яны. Яшчэ ёсць тэма выдзялення лясоў высокай прыродаахоўнай каштоўнасці — іх некалькі тыпаў. І таксама шмат пытанняў датычацца таго, ці выконваецца рэжым іх захавання. Ёсць заўвагі па маніторынгу стану чырвонакніжных відаў на тэрыторыі.

Яшчэ адзін момант — рэпрэзентатыўныя ўчасткі. Па стандартах FSC, лясгасы павінны не менш за 5 % сваёй тэрыторыі выдзяляць у рэпрэзентатыўныя участкі, якія прапарцыйна адпавядаюць тым тыпам лесу, якія ёсць у лясгасе. Па сутнасці, гэта запаведныя зоны, дзе ўвогуле высечкі павінны быць забароненыя. І вельмі шмат пытанняў узнікаюць да таго, наколькі правільна выдзеленыя гэтыя тэрыторыі і наколькі гэты рэжым выконваецца. Сэнс у тым, каб рэпрэзентатыўныя участкі існавалі шмат гадоў і былі прыкладам для параўнання з зонай, якая пастаянна выкарыстоўваецца. І вельмі часта гэтыя ўчасткі трымаюцца літаральна пару гадоў. То-бок, лясгас пераглядае, назначае іншыя рэпрэзентатыўныя тэрыторыі, а гэтыя вырубае. Ці, напрыклад, прайшоў буралом або адбылося развіццё насякомых-лістагрызаў, караедаў, і тады пастае пытанне: а давайце ўсё вырубім? Зноў жа сэнс выдзялення тады губляецца. І з гэтым часам складана пакуль што працаваць, бо лесагаспадарчыя падыходы ў нас пераважаюць. І вельмі складана пераламаць гэтую сістэму, нягледзячы на тое, што лясная сертыфікацыя ўжо шмат гадоў працуе. Прасоўванні ёсць, але яны не такія істотныя, як нам хацелася б.

Я думаю, у вялікай ступені гэта яшчэ з-за таго, што грамадскасць не працуе ў гэтым напрамку. «Багна» ў стане усачыць за нейкімі асобнымі ААПТ, найбольш каштоўнымі тэрыторыямі. А важна было б, каб людзі на месцах, побач з лясамі, дзе яны жывуць, праяўлялі інтарэс і выкарыстоўвалі гэты механізм лясной сертыфікацыі. І мы ўжо робім крокі ў гэтым напрамку, праводзім семінары, сустрэчы з мясцовым насельніцтвам і растлумачваем ім пра гэты механізм, пра тое, як яны могуць адстойваць свае інтарэсы на захаванне лесу ці нейкія свае правы на карыстанне рэсурсамі.

У рамках лясной сертыфікацыі мясцовае насельніцтва таксама можа звярнуцца ў лясгас і патрабаваць пэўныя ўчасткі лесу не адводзіць у высечку, паколькі там, напрыклад, знаходзяцца запасы ягад, грыбоў, якія для іх важны. І на гэтай аснове гэта ўчастак можа быць выдзелены, як адзін з відаў лясоў высокай прыродаахоўнай каштоўнасці.

У нас быў такі прэцэдэнт, калі ў Белавежскай пушчы пасля аўдыту сертыфікат быў прыпынены, але там вельмі хутка ўсе заўвагі выправілі. У тым ліку заўвагу наконт таго, што нацпарк адмаўляўся ўводзіць прадстаўніка грамадскасці ў навукова-тэхнічны савет. Гэта ўсё выправілі на працягу двух тыдняў, бо, як толькі сертыфікацыя прыпыняецца, яны абавязаны паведаміць пра гэта тым, хто закупляе драўніну. Пастаўкі тут жа спыняюцца, і ў дадзеным выпадку вагоны з драўнінай у Еўропу проста спыніліся на мяжы, і нацпарк нёс фінансавыя выдаткі.

Тут ўжо механізм працуе матэрыяльны. І сістэма вымушае лясгас выконваць патрабаванні сертыфікацыі.

Падзяліцца навіной ў сацыяльных сетках:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники