СЁЛЕТА НЕЗАЛЕЖНЫЯ ЭКОЛАГІ АДЗНАЧАЮЦЬ 20-ГОДДЗЕ БАРАЦЬБЫ ЗА ЗАПАВЕДНІКІ БЕЛАРУСІ

IMG_2190

Фота Сяргея Плыткевича

Дваццаць год таму, у красавіку 1995 года, 18 грамадскіх арганізацый, у тым ліку «Асацыяцыя прафесійных эколагаў», Фонд «Дзеці Чарнобылю», Саюз моладзі, звярнуліся з лістом да прэзідэнта «з просьбай разабрацца наконт абуральных фактаў парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства ў запаведніках Беларусі».

Зварот апублікавалі некалькі рэспубліканскіх газет. Была сярод іх і газета «Белавежская пушча», якая змясціла тэкст у сваёй рубрыцы «Зялёны фронт» (аўтарская стылістыка захаваная):

«Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Мы не можам дапусціць меркаваньня, што спамянутая «ініцыятыва» рухавых гаспадарнікаў зьявілася на сьвет з Вашага ведама ці пагатоў была залагоджана Вамі. Мы зьвяртаемся да Вас, як да чалавека, які заўсёды адчуваў повязь з зямлёй, да чалавека, які разумее, што нельга толькі браць ад прыроды. 

Мы зьвяртаемся да Вас як Прэзідэнта, які спаўна разумее сваю адказнасць не адно перад рэспублікай і выбаршчыкамі. Але й перад людзьмі, якім жыць на гэтай зямлі. З уласным правамі на жыццё, здаровае дзяцінства, чыстае паветра, запаветную сьцяжынку, трапяткія пачуцьці ад сустрэчы з жывымі.

Грамадскія арганізацыі Беларусі зьвяртаюцца да Вас з просьбай разабрацца наконт абуральных фактаў парушэньня прыродаахоўнага заканадаўства ў запаведніках Беларусі.

У лютым 1995 года Кіраўніком справаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сп. Ціцянковым і ягоным намесьнікам сп. Новакам быў зацьверджаны план нарыхтоўкі «руднічнай стойкі» ў запаведніках «Белавежская пушча», Бярэзінскім і Прыпяцкім. Гэта супярэчыць Закону Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах», артыкул 17 якога даводзіць: «На тэрыторыі запаведнікаў забараняюцца ўсе віды гаспадарчай дзейнасьці, ня зьвязаныя зь ягоныным прызначэньнем, і ўсялякая дзейнасьць, якая прама ці ўскосна парушае прыродныя комплексы і пагражае стану прыродных аб’ектаў».

Мы патрабуем цьвёрдага захаваньня заканадаўства супрацоўнікамі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта і просім Вашага спрыяньня ў накірунку рэальных дзеяньняў па ахове навакольнага асяроддзя.

Красавік 1995 года».

Фота 1 Старонка газеты

 Старонка газеты «Белавежская пушча» з тэкстам зварота грамадскасці да прэзідэнта

Каб успомніць тыя падзеі 20-гадовай даўнасці, мы звярнуліся да Валерыя Дранчука, выдаўца і рэдактара газеты «Белавежская пушча»:

—  20 гадоў споўнілася не толькі гэтаму дакументу, але і самому выданню, якое змясціла зварот. Змясціла без скарачэння, з маім выразным каментаром. Іншыя выданні, памятаю, падалі інфармацыйна, без асаблівай затраўкі. Я бачыў тут перспектыўны напрамак, бо разумеў, што зварот і рэакцыя на яго — вельмі значныя для грамадства. Можна было вызначаць палітычны бок справы на запаведных тэрыторыях. Гэта быў на той час толькі трэці нумар «Белавежскай пушчы», яе з цікавасцю «назіральнікаў» прачытвалі ў высокіх кабінетах. Праз гучную назву — адно, а другое — шмат каму было неабыякава, куды кіруе гэтая «аўтарская» газета? І тэмай грамадскага сектара мы адназначна заяўлялі дэмакратычны кірунак: як рэдактар, я хацеў мець яго на старонках, спадзяваўся на прадуктыўнасць. На жаль, іншых актыўных дзеянняў «зялёнага» фронту, апроч зваротаў, заяў і подпісаў, далей не было, амаль не прасочвалася. Рубрыка прастойвала, хоць грамадскіх арганізацый экалагічнага кшталту было з лішкам. Дарваўшыся да грантаў, большасць з іх былі сканцэнтраваныя на справаздачах перад спонсарамі, а не на галоснасці сваіх дзеянняў. А галоснасць на той час была яшчэ не пустым гукам, спрацоўвала. І канцэнтравацца на актыўных дзеяннях, на іх належнай прэсе варта было. Але, як падаецца, тады быў іншы чытач…

Фота 2 Дакумент аб экспарце сасновых балаксаў з Прыпяцкага запаведніка ў Фінляндыю. 1993 г

Дакумент аб экспарце сасновых балансаў з Прыпяцкага запаведніка ў Фінляндыю, 1993 г.

— А як зараз, што змянілася за 20 год ў сітуацыі з захаваннем прыроды на запаведных тэрыторыях ў Беларусі? 

— На сёння маем нейкі зрух, сказаў бы, у бок аб’ектыўнасці. Стала больш разумення, прыйшлі новыя людзі. І наша з вамі справа не была марнай, і той зварот быў пажыўнай кропляй. Нягледзячы на пэўныя формы антыбеларускай улады, час зрабіў уплыў, унёс карэктывы цывілізаванасці. Але абсалютна знешняй, вонкавай, каб замазаць брутальныя рэчы, стварыць фасад. Колькі гадоў таму я наведаўся ў Ляскавічы і быў здзіўлены вонкавым пераменам, абстаўленасці фасада. 

Фота 3 Адміністатыўны будынак нацпарку Прыпяцкі ў Ляскавічах. 2015 г

Сучасны адміністратыўны будынак нацыянальнага парка «Прыпяцкі» ў Ляскавічах, 2015 г.

— Калі адказваць наўпрост, змянілася што ці не на запаведныхтэрыторыях, ёсць так званыя санітарныя высечкі ці іх няма, дык я хутчэй скажу, што гэта анікога сёння не хвалюе. Хоць «экалагічна несумяшчальная» гаспадарка пэўна ж засталася, адміністрацыя рулюе, куды і як яна хоча. Я ўжо выказваўся, пісаў пра тое, што актыўная «зялёная» грамадскасць сёння мае іншы рычаг — ЗАКОН І СУД. Тут я бачу рэсурс, і ў гэтым сэнсе паўтаруся: праз «зялёныя» суды грамадства можа нечага дамагчыся. Фота 4 Дрэваперапрацоўчы комплекс нацпарку Прыпяцкі ў Ляскавічах

Дрэваперапрацоўчы комплекс нацыянальнага парка «Прыпяцкі» ў Ляскавічах з абсталяваннем для вырабу паркету, 2015 г.

Ініцыятыва ліста да прэзідэнта у 1995 годзе належыла сябрам маладзёвага руху «Нэкст Стоп — Нью Лайф». У той час старшынёй гэтай арганізацыі была Святлана Каралёва. Мы звярнуліся да яе з просьбай распавесці пра тыя падзеі:

— У той час мы зладзілі моладзевы працоўны экалагічны летнік у Бярэзінскім запаведніку. Мы супрацоўнічалі з яго работнікамі. Аднойчы галоўны ляснічы ў роспачы нам паведаміў: «Я абавязаны абараняць запаведнік, а мне даслалі ліст з Кіраўніцтва справамі прэзідэнта пра план нарыхтоўкі руднічнай стойкі. Каб яго выканаць, я павінен пілаваць лес у запаведнай зоне…» — успамінае Святлана. —Пасля мы даведаліся, што падобныя загады з Кіраўніцтва справамі атрымалі таксама «Белавежская пушча» і Прыпяцкі запаведнік. Таму мы вырашылі нешта рабіць… Мы занеслі свой зварот проста ў Адміністрацыю прэзідэнта. Пазней атрымалі адказ: «Нарыхтоўка руднічнай стойкі прыпыненая, бо гэта выявілася эканамічна не мэтазгодным». 

Зараз дзейнасць Святланы Каралёвай не звязаная з праблемамі захавання прыроды на запаведных тэрыторыях. Яна мяркуе, што Орхуская канвенцыя дае пэўныя магчымасці працы ў абарону прырода, хаця і ведае, што былі праблемы ў нацыянальным парку «Белавежская пушча», і ў «Прыпяцкім» яны ёсць.

Адказваючы на пытанне аб зменах у параўнанні з 1990-мі гадамі, Святлана адзначае: «Зараз мы маем вялікую адлегласць паміж уладай і грамадскасцю. А тады такога не было. Мы маглі наўпрост зайсьці ў міністэрства для вырашэння праблем, маглі патрапіць да Кебіча, калі гэта было патрэбна…»

А. Раеўская

Фота І. Балоціна

http://greenbelarus.info

Падзяліцца навіной ў сацыяльных сетках:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Leave a Reply