Талаш, сом ці апостал Пётр? Якім быць сімвалу Петрыкаўшчыны. (Свабодныя думкі пра нашу малую Радзіму)

брэнд

Колькі не гавары, не вядзі размовы, тары-бары за жыццё-быццё, але аб’ектыўна чалавечага жыцця не хапае, каб выгаварыцца. І тое, што за доўгія гады працоўнага жыцця з-за недахопу часу не выказалася, пад, а тым болей за “экватар” – не спыніць, не стрымаць.

Саляркі ў агонь роздуму падліў абвешчаны днямі райвыканкамам разам з аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пры падтрымцы раённых арганізацый аб’яднанняў “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” і БРСМ конкурс на выбар брэнду нашага раёна. Сеў, завёў стартар ноўтбука, разгарнуў папкі з колішнімі напрацоўкамі, згадаў, што раней пісалі і не пісалі, і вось звёў да нейкага падабенства артыкула думкі на гэты конт.

Падкрэслю, думкі мае ўласныя, на абсалютнасць і дакладнасць матэрыялу не прэтэндую, цытаваць і культурна спрачацца дазваляю.

Дык вось, якім быць брэнду Петрыкаўшчыны?

Некалі гадоў дзесяць-дванаццаць таму быў такі конкурс ва ўстановах адукацыі – па выбары сямёркі ці дзясяткі раённых цудаў. Вучні разам з настаўнікамі распрацоўвалі свае праекты і шукалі, на іх погляд, самыя-самыя выбітныя з мясцін або з’яў, што калісьці былі ў нашым краі або захаваліся дасюль.

Памятаю, згадваліся тады нашыя храмы, хоць Петрыкаўшчына воляю лёсу і сямідзесяцігоддзяў барацьбы з верай не адрозніваецца нейкай выключнай набожнасцю. Ёсць, праўда, у нас свой святы – свяшчэннамучанік Іяан (Пашын), два выдатныя праваслаўныя храмы і касцёл у горадзе, са сваёй гісторыяй, здараецца, і не самай светлай (зараз я пра колішні піўны бар у Свята-Увазнясенскай царкве). Не самая светлая старонка гісторыі – узарваная камуністамі Уваскрэсенская царква, пра якую нагадвае цяпер толькі каплічка на вуліцы Гагарына. Нясветлы лёс і ў шматпакутнай Свята-Пакроўскай царквы, недабудаваная “рэпліка” (навабуд) якой сіратліва ўсядае ў зямлю за могілкамі на Ленінскай вуліцы.

Ёсць яшчэ з дзясятак цэркваў рознага ўзросту ў сельскіх населеных пунктах і ў Капаткевічах, а таксама некалькі каталіцкіх касцёлаў з, на жаль, не надта шматлюднымі прыходамі. Найбольш вядомая ў Беларусі наша Успенская царква ў Кашэвічах – помнік драўлянай архітэктуры ХVІ стагоддзя. Ходзяць вакол яе і легенды, што вельмі ўхваляецца.

З напамінаў больш старажытнай гісторыі няшмат і накапаеш. Рэшткі вінакурні Вільсана пад Лучыцамі, тое-сёе на шэрагу могілак (Петрыкаў, Грабаў, Галубіца і інш.), штосьці з архітэктурных, здаецца, яшчэ панскіх збудаванняў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя ў Брынёве… Што там яшчэ? Гісторыкі, дапамагайце.

Найбольш, але адназначна не поўнасцю, даследавана гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў стаўленні да нашых краёў. Ёсць многа экспанатаў, архіўных звестак у музеях, у тым ліку школьных. На тэрыторыі раёна шмат помнікаў, некаторыя з іх шырока прадстаўлены ў рознага кшталту выявах. Гэта мемарыял воінаў-вызваліцеляў у петрыкаўскім парку, скульптурная кампазіцыя ў Навасёлках, брацкая магіла на гарадскіх могілках. Вядомыя турыстам і нашы аб’екты Мазырскага ўмацавальнага раёна так званай Лініі Сталіна.

З геалагічных і геаграфічных адметнасцяў Петрыкаўшчыны школьнікі называлі тады помнікі прыроды – Дарашэвіцкае агаленне торфу, некалькі журавінавых заказнікаў.

Можна, канечне, згадаць і аб’екты нематэрыяльнай спадчыны, штосьці капаткевіцкае нават замацавана ў фальклорных зборніках, але тут наўрад ці мы заззяем ярчэй за ўзаконеныя ў катэгорыі нематэрыльнай гістарычна-культурнай спадчыны велікаборскі абрад “Провады русалкі” Хойніцкага раёна, абрад “Гуканне вясны “Чырачка” вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна, песенны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці – Сцвігі Жыткавіцкага раёна, ды і яшчэ круціцца і круціцца нам да ўзроўню тых жа неглюбскіх ручнікоў з Веткаўшчыны.

Але, руку на сэрца, шчыра верыцца, што праводзімы ў нашых Ляскавічах міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” дасць штуршок мясцовым краязнаўцам і спецыялістам фальклору да пачатку істотных напрацовак у гэтым плане.

Дык у чым жа соль нашай зямлі, нашага раёна, любай Петрыкаўшчыны?

У прамым сэнсе Петрыкаўшчына насамрэч вядомая соллю. Літаральна наступным годам будаўнікі намерваюцца ўвесці ў строй першую чаргу Петрыкаўскага горнаабагачальнага камбіната па здабычы калійных соляў. Залежаў гэтых карысных выкапняў, па ацэнках, хопіць для мяркуемай прамысловай здабычы на 120 гадоў.

Кажуць, ёсць у нас радовішчы торфу, гіпсу, глін і пяскоў, бурага вугалю, але ж пакуль раён не з’яўляецца ні Данбасам, ні Кузбасам, ні германскім Рурам – па велічы вугальнай здабычы.

То, магчыма, наш брэнд – гэта сапраўды соль? А як жа прыгожа будзе гучаць: “Соль зямлі Петрыкаўскай – соль!..”

Але ж як графічна прадставіць гэты брэнд. Што ў ім павінна быць: кавалкі руды, адбойны малаток, шахтавая люлька?

Давайце будзем справядлівымі. На сёння аб’ектыўна мы яшчэ не шахцёры. Умоўная шахта – гэта наша будучыня, і наўрад ці хто з нас, радавых жыхароў раёна, спрагназуе, якім шахцёрскім краем нам быць і калі будзем цалкам законна адзначаць усім народам прафесійнае свята шахцёраў.

Супрацоўнікі лясной галіны і аматары ціхага палявання ў сасновых барах і бярэзніках аберуч будуць змагацца за лес у якасці брэнда роднага краю. У гэтым, безумоўна, ёсць рацыя, бо лесам у нашым раёне занята зараз 109 тысяч гектараў з 283,5 тысячы га наяўных. А лес – гэта і грыбы, і птушкі, і расліны. Трэба толькі пашукаць, хто ці што з іх у нас прадстаўлена найбольш.

Напэўна, сваё пачэснае месца тут павінен заняць адзін з самым сапраўдных брэндаў раёна – Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, з яго ўнікальнай флорай і фаунай, у тым ліку чырванакніжнай. Дарэчы, “Прыпяцкі” ў нас і самы галоўны турысцкі брэнд, “застрэльшчык” як проста “адпачыначнага”, так і актыўнага турызму, спалучанага з рыбалкай і паляваннем.

І ўсё гэта правільна, і рацыя ёсць надзвычайная, але ж раённы брэнд мусіць быць комплексным і адлюстроўваць літаральна ўсе напрамкі жыцця, у гістарычным, геаграфічным і сацыялагічным аспектах.

Але ж як звязаць гісторыю, сучаснасць і будучыню?

Чым мы вядомыя сярод іншых, што адметнага ў нас такога, каб ну вось ніхто не папярэдзіў і не аспрэчыў наша права на гэтую адметнасць?

Было б ідэалагічна правільна шукаць соль зямлі ў людзях. Гэта нават не аспрэчваецца, але ж і ў іншых рэгіёнах людзей працавітых і гераічных нямала. У нас пяць Герояў Савецкага Саюза, два поўныя кавалеры ордэна Славы, ёсць Героі Сацыялістычнай Працы, нават імператарскія ардэнаносцы. Чацвёра нашых землякоў загінулі ў Афганістане. …Але ж толькі пры вызваленні Лоеўскага раёна званні Герояў Савецкага Саюза атрымалі 365 савецкіх воінаў, 43 з іх пахаваны на Лоеўшчыне.

У нас не надта шмат вядомых пісьменнікаў, хоць мы вельмі і вельмі ганарымся сваімі літаратурнымі талентамі – Міколам Гамолкам, Верай Палтаран, Мотам Дзегцяром, Алесем Дударам, Сяргеем Дарожным. Нават Нобелеўская лаўрэатка 2015 года Святлана Алексіевіч сваё дзяцінства і частку юнацтва правяла на Петрыкаўшчыне.

Нядоўга шукаючы ў архівах і энцыклапедыях, хутка згадаем імёны навукоўцаў, спартсменаў, вядомых не толькі ў межах краіны, але і ў свеце, людзей заслужаных і, канечне, вартых таго, каб быць на першых старонках нашага летапісу. Але ж нам патрэбна выбраць унікальнасць, каб нідзе ці амаль нідзе такога не было.

На аб’яўлены конкурс брэнда раёна калектывам рэдакцыі днямі мы выбралі некалькі прапаноў. Першае, але, зразумела, не адзінае і, мусіць, не галоўнае месца заняў Дзед Талаш. З імем гэтага рэальнага чалавека і літаратурнага персанажу ў нас звязана многае. Ёсць вуліца і завулак у Петрыкаве, помнік работы народнага мастака СССР Заіра Азгура ў гарадскім парку, магіла героя дзвюх войнаў на могілках у горадзе, Дом-музей Талаша ў Навасёлках. На паліцах бібліятэк можна знайсці Коласаву “Дрыгву”, дзе Талаш змагаецца з польскімі жаўнерамі. І знакаміты “дрыгвянскі” лапаць, зразумела, умоўна таксама можа стаць міні-брэндам Петрыкаўшчыны – у тым сэнсе, што яго добра сімвалізаваць у бралках-сувенірах.

Як варыянты мастацкага брэндавання – Талаш з сякерай, Талаш з саджанцам (маецца на мэце не высечка спелага лесу, а пасадка, што сімвалізуе маладосць), Талаш з вудкай або ражоўкай, Талаш п’е з кубка бярозавік (тут, канечне, цяжэй, бо глядач можа зблытаць сок з гарэлкай), Талаш з рыдлёўкай, Талаш вядзе карову ці каня… Дарэчы, пра каня… Тэму народнага Кабылаграда прапаную апусціць за неадназначнасцю яе трактавання.

І, ведаеце, сябры, мне падаецца, што ідэю, сімволіку, выяву брэнду трэба шукаць у нашай геральдыцы. І няхай яна не мае глыбокіх гістарычных каранёў, але ж не на пустым месцы распрацоўвалася, аналізаваліся многія факты, узважваліся тэорыі, шліфаваліся легенды і паданні. Астатнія прапанаваныя журналістамі раёнкі варыянты брэндаў могуць хадзіць вакол менавіта раённай геральдыкі.

Карацей, асабіста я за ключыкі. Тыя залаты і срэбны ключы, што адлюстраваны на нашых гербе і сцязе. Калі пашукаць-памаляваць стрэлкі ўзаемасувязяў, то гэтыя самыя ключы могуць аб’яднаць у доказах правільнасці такой кандыдатуры на брэнд паняцці гістарычныя і нават рэлігійныя. Возьмем адну з аналогій: Ключы – назва горада “Петрыкаў” – апостал Пётр. Дарэчы, у адной з легенд назву нашага горада якраз і адносяць да імя гэтага апостала. А ключы, калі верыць вікіпедычным тлумачэнням, сімвалізуюць уладу духоўную (нябесную) і свецкую (зямную), будаўніцтва Царквы (сінонім духоўнасці, маральнасці, законнасці).

А яшчэ мы можам скласці сотню сучасных легенд, дзе гэтыя ключы могуць адчыняць нам дзверы да вялікага шчасця і багацця або ахоўваць нас ад нядолі.

Пацягнем нітку клубка ўзаемасувязяў далей і згадаем, што апостал Пётр (ён жа Сімон) да сустрэчы з Ісусам быў рыбаком. А Петрыкаўшчына дзякуючы “амазонцы”-Прыпяці, Пцічы, Убарці і іншым рэкам і азёрам – сапраўдны рыбацкі рай. Ну ці быў такім не так даўно. Ёсць, праўда, зараз некаторыя нюансы ў гэтым плане, але, можа,  калі-небудзь прыйдуць да адзінага знамянальніка ў гэтым плане інтарэсы грамадства, улады і суб’ектаў гаспадарання, і рыбны рай зноў вернецца да нас, без урону для прыроды і з шырокімі, зразумела, у межах закона, магчымасцямі мясцовых рыбакоў-аматараў.

Дык вось, творчаму палёту мастака-брэндаафармляльніка будзе дзе разагнацца, супастаўляючы гербавыя ключы, воднае раздолле і рыбацкую атрыбутыку. Рыбны рай – гэта шчупак на спінінгу ці вудцы ў таго ж Дзеда Талаша або любога іншага дзеда. Каб увязаць мінулае і будучыню, у адной з разнавіднасцяў малявання брэнда можна падаць старога дзеда і яго ўнука з вудкамі на мастку.

Можна пазабаўляцца і з іншымі аналогіямі – кшталту: ключ – крыніца. Па-руску крыніца нават гучыць адпаведна – родник. Род, радзіма. І тады нашы гербавыя ключы можна намаляваць гэтак: срэбны – з кропелек – як сімвал воднага складальніка раёна, а залаты… скажам, з каласкоў жыта, што падкрэсліць сельскагаспадарчы профіль эканомікі.

Дарэчы, ключы-крыніцы таксама могуць быць законным сімвалам нашага раёна, бо ў многіх населеных пунктах яны і дасюль захаваліся, а на Каўпак-гары крынічка нават з’яўляецца часткай абраду.

Таксама нашы ключы можна намаляваць у форме рыбак, вяртаючыся да багатых рыбных угоддзяў, а на кончыках прымастраваць, напрыклад, якары, якія нагадаюць пра тое, што  наша Прыпяць – суднаходная рака. А слоганы вакол “рыбнага раю” можна сфармуляваць прыкладна гэтак: “Райскі куток”, “Рай Петрыкаўскі” (ад край), “За прыпынак ад рая” ці нават “Петрыкаў – да рая адзін крок”.

Згодзен, рай – гэта, канечне, зашмат, неяк нясціпла, затое выдатна тлумачыцца ў стасунках з апостальскімі ключамі, якія нібыта ад раю.

І зноў-такі… Рыбны рай – гэта блакітная стужка нашай матухны Прыпяці, гэта човен на яе беразе, гэта пашча волата-сома з тоўшчы вады, а Петрыкаў, які, дарэчы, сёлета  адзначыць 495-ю гадавіну з часу першых згадак у летапісе – гэта, скажам, Сомгарад, Лешчгарад або які Язьгарад. Ляці, фантазія!

Запрашаем далучыцца да конкурсу на выбар брэнда Петрыкаўшчыны. Пішыце свае прапановы да нас у рэдакцыю. Хто валодае вэб-граматай, заглядвайце ў нашы групы ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Одноклассники”. Адрас групы конкурсу “ВКонтакте” – https://m.vk.com/brendpetrikov.

Пятро ШАДУРА.

Фота аўтара, Арцёма ГУСЕВА, з інтэрнэту.

Крыніца: http://www.petrikov.by

Падзяліцца навіной ў сацыяльных сетках:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники